Фестываль кіно «Паўночнае ззянне» пройдзе ў Мінску з 19 па 26 красавіка ў кiнатэатры «Мiр»
15.03.2018

4-ы фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне», які пройдзе ў Мінску з 19 па 26 красавіка ў кiнатэатры «Мiр», абвясцiў новы слоган – «Змяні вугал зроку» / Сhange the angle.

Сёлетнi слоган фестывалю заклікае паглядзець на звыклыя рэчы, з’явы, падзеі, людзей і саму/самога сябе па-іншаму – змяніць вугал зроку. «Паўночнае ззянне» прапануе глядзець на усё з аналітычнага пункту гледжання, паставіць сябе на месца іншай/-га, паглядзець на сітуацыю вачыма сваёй маці, дзіця, каханых людзей, ворагаў або сяброў. Дыстанцыравацца. Нездарма гавораць, што калі не можаш змяніць сітуацыю – змяні сваё стаўленне да яе.

 «Паўночнае ззянне» традыцыйна выпускае адмысловы арт-ролік у падтрымку слогану і агульнай канцэпцыі. У роліку «Змяні вугал зроку» сёлета зняліся дырэктарка кінатэатра «Мір» Таццяна Іванаўна Карнялюк, першы сакратар Амбасады Швецыі ў Беларусі Магнус Сэтэрберг, дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская, студэнт тэхналагічнага ўніверсітэта Улад Лук’янчук.

У арт-роліку змяняецца і вугал зроку, і ракурс, і адбываецца маніпуляцыя з выявамі ў люстэрках. Тут натхненнем сталі шэдэўры сусветнага жывапісу і кінематографа. А выявы ў люстэрку часам даволі правакатыўныя і спрабуюць наўпрост разбурыць стэрэатыпнае ўяўленне пра тое, хто і навошта, уласна, глядзіць на свой адбітак і чаму часам так важна змяніць ракурс.     

Аўтары ідэі – Воля Чайкоўская і Антон Мех. Рэжысёр, аператар, мантажор – Антон Мех. Музыка –  Дзяніс Кудраўцаў. Дызайн – Віка Калбасіна. Трэба адзанчыць, што Дзяніс Кудраўцаў – спявак і аўтар музыкі суполкі «Sinie Gory» – ужо трэці год запар стварае музычнае суправаджэнне для арт-ролікаў «Паўночнага ззяння». У тым ліку, дзякуючы адметнаму музычнаму складніку, крэатыўныя відэа кінафестывалю з’яўляюцца настолькі запатрабаванымі і запамінальнымі.

Праграма кінафестывалю 2018 будзе абвешчаная напрыканцы наступнага тыдня. Сёлета яна складзецца з 18 стужак з 9 краiн-удзельнiц (Нарвегія, Швецыя, Данія, Фінляндыя, Ісландыя, Літва, Латвія, Эстонія, Фарэрскія астравы), а таксама аднаго бонуснага фільма ад дырэктаркі «Паўночнага ззяння» і прадзюсаркі дакументальнага кіно Волі Чайкоўскай.

Асаблівая ўвага сёлета будзе ўлучаная балтыйскаму кінематографу з нагоды Святкавання 100-годдзя Незалежнасці Балтыйскіх Рэспублік.

На працягу фестывальнага тыдня адбудзецца 10 мерапрыемстваў у рамках індустрыйнай секцыі «Паўночнага ззяння»: пашыраныя Q&A, лекцыі, майстар-класы і нават музычныя канцэрты.

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбудзецца 19 красавіка ў кінатэатры «Мір» (Мінск, вул. Казлова 4А).

Тэлеканал «Беларусь 24» інфармацыйны партнёр фестывалю.  Сайт фестывалю.


Поделиться:

Вверх